Глабальная Праграма міжнародных супастаўленняў валавога ўнутранага прадукту па даных за 2021 год (ПМС ВУП 2021) прадстаўляе сабой найбуйнейшы міжнародны праект супастаўлення ВУП і парытэтаў пакупной здольнасці валют, у якім прынялі ўдзел 176 краін свету.
Правядзенне ПМС ВУП 2021 ажыццяўлялася ў адпаведнасці з рашэннем Статыстычнай камісіі ААН. Агульная каардынацыя работ па падрыхтоўцы і правядзенні цыкла супастаўленняў ажыццяўлялася Сусветным банкам у цесным супрацоўніцтве з міжнароднымі арганізацыямі і рэгіянальнымі банкамі развіцця ва ўсім свеце.
У мэтах эфектыўнасці работы супастаўленне ў рамках ПМС 2021 было праведзена па рэгіянальным прынцыпе. Усе краіны, якія ўдзельнічаюць, былі згрупаваны ў рэгіёны: СНД, група краін ЕС і АЭСР, краіны Азіі і Ціхага акіяна, Заходняя Азія, Афрыка, Лацінская Амерыка і Карыбскі басейн.
У цыкле ПМС 2021 Рэспубліка Беларусь прыняла ўдзел у складзе рэгіёну СНД сярод такіх краін, як Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расійская Федэрацыя, Таджыкістан, Узбекістан. У адпаведнасці з рашэннямі кіруючых органаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў каардынатарам супастаўленняў у гэтым рэгіёне з'яўляўся Статкамітэт СНД.
Ключавым вынікам Праграмы міжнародных супастаўленняў з'яўляецца разлік парытэтаў пакупной здольнасці (ППЗ) для ўсіх удзельнікаў раунда і пералік з яго дапамогай ВУП у цэлым і найважнейшых яго кампанентаў у адзіную валюту. Гэта складае аснову для дэталёвых параўнальных даследаванняў маштабаў і структуры эканомік розных краін свету. ППЗ шырока выкарыстоўваецца ў аналітычных даследаваннях, для маніторынгу прагрэсу ў дасягненні Мэт у вобласці ўстойлівага развіцця. ППЗ прадстаўляе сабой колькасць адзінак валюты, неабходную для пакупкі стандартнага набору тавараў і паслуг, які можна купіць за адну грашовую адзінку базавай краіны (або адну адзінку агульнай валюты групы краін).
Згодна вынікам ПМС ВУП 2021 памер сусветнай эканомікі па аб'ёме ВУП краін-удзельніц склаў 152,4 трлн. долараў ЗША па ППЗ у параўнанні з 96,2 трлн. долараў ЗША, вымяраемаму па абменных курсах. Двума найбуйнейшымі эканомікамі свету ў 2021 годзе былі Кітай і Злучаныя Штаты Амерыкі, ВУП па ППЗ кожнай з якіх склаў 28,8 трлн. долараў ЗША і 23,6 трлн. долараў ЗША адпаведна, што склала трэць сусветнага ВУП (34,4%). На долю Індыі, трэцяй па велічыні эканомікі (11 трлн. долараў ЗША), прыйшлося 7,2% сусветнага ВУП.
У першую дзесятку краін свету па аб'ёме ВУП па ППЗ пасля Кітая, Злучаных Штатаў Амерыкі і Індыі таксама ўвайшлі такія краіны, як Расійская Федэрацыя (5,7 трлн. долараў ЗША), Японія (5,6 трлн. долараў ЗША), Германія (5,2 трлн. долараў ЗША), Бразілія (3,7 трлн. долараў ЗША), Францыя (3,6 трлн. долараў ЗША), Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі і Інданезія (па 3,5 трлн. долараў ЗША). У цэлым на гэтыя краіны, у якіх пражывае болей паловы (54,4%) насельніцтва свету, даводзіцца 61,9% сусветнага ВУП.
Аб'ём ВУП па ППЗ Рэспублікі Беларусь раўны 256,9 млрд. долараў ЗША, доля якога склала 0,2% сусветнага ВУП і 3,5% ад аб'ёму ВУП краін рэгіёну СНД. На долю краін СНД даводзіцца 4,8% сусветнага ВУП.
У 2021 годзе на краіны з высокім узроўнем даходу даводзілася амаль палова (46%) сусветнага ВУП на аснове ППЗ, тады як краіны з даходам вышэй за сярэдні ўнеслі ўклад трошкі болей трэці сусветнага ВУП (35%). Усе краіны-удзельніцы ПМС СНД 2021, акрамя Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана, уваходзяць у групу краін з даходам вышэй за сярэдні.
Сярэдняе значэнне ВУП на душу насельніцтва па краінах свету складае 20 271 долар ЗША па ППЗ. Варыяцыя па дадзеным паказчыку ў свеце вельмі вялікая: ад самага высокага ўзроўню даходу ў Люксембургу (137 948 долараў ЗША) да самага нізкага ў Бурундзі (981 долар ЗША).
Сярод cтран СНД толькі чатыры краіны па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва па ППЗ перавышаюць сярэднесусветнае значэнне: Расійская Федэрацыя, Казахстан, Рэспубліка Беларусь і Азербайджан. ВУП на душу насельніцтва па ППЗ Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе склаў 27 611 долараў ЗША.
Вынікі міжнародных супастаўленняў ВУП на аснове парытэта пакупной здольнасці валют за 2021 год падлічаны Сусветным банкам і ў падрабязным варыянце размешчаны на сайце гэтай арганізацыі https://www.worldbank.org/en/programs/icp.
© Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь. Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь з'яўляецца абавязковай.